ВЫТВО́РЧАЯ МАГУ́ТНАСЦЬ,
максімальна магчымы выпуск якаснай прадукцыі ці аб’ём здабычы або перапрацоўкі сыравіны за адзінку часу. Вытворчая магутнасць прадпрыемства складаецца з сумарнай магутнасці яго асн. цэхаў, а цэхаў — з магутнасці асн. абсталявання. Разлічваецца на суткі, год або некалькі гадоў. Выражаецца ў натуральных (вырабы, дэталі, штукі, тоны), умоўна-натуральных і грашовых паказчыках. Вытворчая магутнасць — велічыня пераменная, мяняецца з развіццём тэхн. прагрэсу, залежыць ад попыту на прадукцыю на рынку і інш. фактараў. На падставе разлікаў на прадпрыемствах складаецца баланс вытворчых магутнасцей і іх выкарыстання. З павышэннем узроўню выкарыстання вытворчай магутнасці (праз укараненне высокаэфектыўнага абсталявання, прагрэсіўнай тэхналогіі, удасканаленне арганізацыі вытв-сці і працы) павялічваецца выпуск прадукцыі.
Р.М.Шахлевіч.
т. 4, с. 327
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)